ЛАГО́ЙСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ.

Створаны ў 1-й пал. 19 ст. ў г. Лагойск Мінскай вобл. Палац узведзены ў 1815 у стылі ампір графам П.Тышкевічам на месцы стараж. замчышча і драўлянага замка Чартарыйскіх (знішчаны татарамі ў 1505), потым — мураванага замка Тышкевічаў (разбураны шведамі ў 1706). Уяўляў сабой 1-павярховы прамавугольны ў плане выцягнуты па фронце аб’ём, вылучаны па цэнтры гал. фасада на выш. 2 паверхаў 12-калонным порцікам са ступеньчатым атыкам. Па баках фланкіраваўся 2-павярховымі 1-восевымі павільёнамі, завершанымі трохвугольнымі франтонамі. Па цэнтры тыльнага фасада выступаў 2-павярховы паўкруглы 6-калонны эркер, накрыты сферычным купалам. У 2 залах палаца размяшчаўся музейны археал.-маст. збор братоў К. і Я.Тышкевічаў, асобная зала была адведзена пад б-ку (каля 10 тыс. тамоў). Разбураны ў Вял. Айч. вайну, засталіся руіны. Парк пейзажнага тыпу высаджаны ўздоўж правага берага р. Гайна. Пл. 10 га. Перад палацам быў створаны круглы партэр з кветкавымі клумбамі і рабатамі, пасаджаны пладовы сад. З тыльнай тэрасы палаца адкрываўся від на больш нізкую пейзажную частку парку з сажалкай і «зялёнай» тапалёвай альтанкай каля яе, рэшткі замкавых умацаванняў. Праз парк працякаў ручай з мураваным арачным мастком, каля якога быў дом вартаўніка. Курціны фарміраваліся таполяй белай, ясенем, дубам і інш. дрэвамі мясц. парод.

А.М.Кулагін.

Лагойскі палацава-паркавы ансамбль. З малюнка Н.Орды. Сярэдзіна 19 ст.

т. 9, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)